Статьи

27.03.08 Радзівілаўскі тракт

Калі ехаць з накірунку Барань-Майсееўшчына на Барысаў, то ў Жыцькаве пасля пераезду Схі і цэнтра вёскі дарога робіць рэзкі паварот налева на 900. Такія павароты за вёскамі не характэрны для старых шляхоў. Само сабой напрошваецца пытанне, ці не ішла раней дарога тут прама?  

Куды ішоў тракт

Сапраўды, дарога (дакладней дзве дарогі, якія разгаліноўваліся далей) раней ішла прама. Яшчэ параўнальна нядаўна ў гэтым накірунку ў баку ад сучаснай дарогі можна было назіраць фрагмент старога бруку. Менавіта тут ішоў шлях, які яшчэ сёння вядомы тамтэйшым жыхарам як Радзівілаўскі (або Радзілаўскі) тракт. Распачынаўся ён у Жыцькава і ішоў у Старабарысаў.

Паходжанне назвы

Паходжанне назвы мае вельмі простае тлумачэнне. Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя Старабарысаў становіцца цэнтрам буйнога землеўладання – былога Барысаўскага староства (ранейшы цэнтр, які знаходзіўся ў барысаўскім замку быў у 1797 годзе выведзены з землеўладання). Тут Міхаілам Радзівілам ствараецца новы палаца-паркавы комплекс. Шлях з Жыцькава вёў менавіта да яго. Па прозвішчу гаспадара гэтых уладанняў і быў названы тракт. “Наданне” назвы шляху магло адбыцца напрыканцы ХVІІІ – у першай палове ХІХ стагоддзя – у часы, калі землі належалі Радзівілам. Гэта быў асноўны шлях, які злучаў цэнтр землеўладання са сваімі паўночна-ўсходнімі вёскамі. 

Калі ён быў утвораны

Калі з паходжаннем назвы тракту ўсё зразумела, то з часам яго ўтварэння далёка не ўсё так адназначна. Дакладна толькі можна сказаць, што ён быў утвораны адмыслова, а не з’яўляецца вынікам аб’яднання старых лясных дарог. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца тое, што ён мае выгляд амаль прамой лініі. Лагічна было б выказаць меркаванне, што ён будаваўся адмыслова для злучэння маёнтка Радзівілаў са сваімі паўночна-ўсходнімі вёскамі. Аднак, на той час ужо існаваў шлях з Барысава ў накірунку Жыцькава праз вёскі Прудзішча, Любатоўшчына. Месцамі ён і Радзівілаўскі тракт ідуць паралельна адзін аднаму на адлегласці ўсяго кіламетра. Таму мэтазгоднасць пабудовы менавіта такога прамога шляху са Старабарысава на Жыцькава ў часы, калі гэта землеўладанне належала Радзівілам, з’яўляецца спрэчным.

Магчыма іншае тлумачэнне паходжання дадзенага шляху. Ён мог узнікнуць пасля заснавання Барысава ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях (пакуль горад не быў перанесены на новае месца), як асноўны шлях на паўночны-ўсход, у тым ліку на Лукомль. Больш таго, у той час проста павінен быў быць утвораны такі шлях. Іншай вядомай нам старой дарогі, якая б магла выконваць такую ролю, не існуе (што аднак не выключае яе існавання ў мінулым). Таму другая версія з’яўляецца больш праўдападобнай.

 Магло было здарыцца і вельмі верагодным з’яўляецца тое, што гэты шлях быў капітальна адноўлены ў часы Радзівілаў, але не на “пустым” месцы, а па ўжо амаль забытаму на той час старому шляху часоў заснавання Барысава на месцы сённяшняга Старабарысава. Аднак гэта ўсё пакуль што толькі гіпотэзы. 

Шлях сёння

Вось ужо не адзін год як у мяне ўзнікла думка праехаць або прайсці па ўсяму былому Радзівілаўскаму тракту. І вось сёлета ў перадапошні дзень лета гэта ідэя нарэшце змагла рэалізавацца.

Нягледзячы на тое, што сённяшні асноўны шлях з Барысава на Жыцькава і стары Радзівілаўскі тракт ідуць на адлегласці ў адзін-два кіламетры адзін ад аднаго, іх наваколле адрозніваецца кардынальным чынам. Сучасны шлях ідзе ля вёсак па палях, увесь час віхляе. Стары шлях ідзе практычна па прамой лініі, прычым амаль увесь час па лесе. Ля яго няма ніякіх пасяленняў. Лес і адсутнасць пасяленняў – асноўныя фактары, якія дазволілі шляху добра захавацца да нашага часу. Дарэчы, адзіныя часткі старога шляху, якія не захаваліся да нашага часу – гэта тая, якія праходзяць па полі, і тыя, якія праходзіць па Пчэльніку і Старабарысаву. Першая з іх ўжо даўно разарана, другая – знішчана планіроўкай пасяленняў і яе забудовамі.

Зараз участак шляху, які ідзе праз лес, інтэнсіўна зарастае. Яшчэ параўнальна нядаўна па ім можна было праехаць наскрозь. Зараз жа гэта можна зрабіць толькі па асобных участках былога тракта. Асобныя ж яго часткі, асабліва тыя, якія бліжэй да Пчэльніка, ужо параслі настолькі, што былы шлях тут можна вызначыць толькі па яго былых з’езджаных каляінах.

Аднак і зараз пасля праходу па ім з пачатку да канца кідаецца ў вочы яго цэльнасць і прадуманасць.
  

Адметныя мясціны ўздоўж шляху

Уздоўж былога Радзівілаўскага тракта можна выдзеліць два месцы, якія вартыя найбольшай увагі. Гэта так званая Тоніна паляна, якая звязана з падзеямі, што адбываліся тут у чэрвені 1944 года і Судава гара. Апошнюю ў старыя часы людзі стараліся прайсці як можна хутчэй і цішэй. Лічылася, што на Судавай гары жыла нячыстая сіла, адбывалася штосьці таямнічае, што магло наклікаць на падарожнікаў бяду, хваробу. Кажуць, што ля яе жылі і маглі напасці на вандроўнікаў рабаўнікі.

Безумоўна, што адказы на многія з пытанняў, якія звязаны з Судавай гарой, трэба шукаць у далёкіх стагоддзях і, верагодна, у паганскіх часах.

Радзівілаўскі тракт ідзе амаль у прадмесці Барысава, але калі ідзеш па ім, узнікае адчуванне, што знаходзішся ў досыць далёкіх ад “цывілізацыі” месцах. Калі ж пры гэтым пазнаёмішся з мінуўшчынай тых месцаў, то даўняя гісторыя нашага краю ўжо зусім не здаецца такой даўняй і далёкай, а здаецца чымсьці блізкім, да чаго ў літаральным сэнсе можна дакрануцца.
 Міхась Мацельскі

автор: кекс | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №2(107) за 2008 год | Печать