Статьи

28.04.08 З кагорты маладнякоўцаў

У 20-я гады ХХ стагоддзя праводзілася справядлівая нацыянальная палітыка. І беларускі народ у каторы раз даказаў свой багацейшы патэнцыял. У прыватнасці, гэта выявілася ў масавым літаратурным руху. Сотні і сотні маладых людзей з розных куточкаў Беларусі стварылі літаратурна-мастацкае аб’яднанне, якое і назвалі адпаведна свайму ўзросту  – “Маладняк”.
 

Адным з актывістаў “Маладняка”, кіраўніком яго барысаўскай філіі быў наш зямляк Мікола Аляхновіч.
 

Нарадзіўся ён у Барысаве 21 красавіка 1903 года ў сям’і служачага (хаця трэба адзначыць, што ў розных анкетах сваё сацыяльнае паходжанне ён пазначаў па-рознаму: у 1925 г. – земляроб, а ў 1928г. – з рабочых). Восем гадоў вучыўся ў Барысаўскай мужчынскай гімназіі. Закончыў 2 курсы медыцынскага факультэта БДУ. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў 3-й працоўнай школе і выкладчыкам гісторыі беларускай літаратуры на агульна-асветніцкіх курсах у Барысаве.
 

У 1925-1927 гадах кіраваў філіяй “Маладняка” ў Барысаве. Па стану на 1 кастрычніка 1925 года ў склад філіі ўваходзіла 20 чалавек. У 1926 годзе быў выдадзены 1 нумар часопіса “Маладняк Барысаўшчыны”. На працягу 1926-1930 г.г. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. У 1930-1932 – аспірант, у 1932-1934 гадах – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У гэты ж час працаваў выкладчыкам Менскага вышэйшага педінстытута. 

У 1936 годзе рэпрэсаваны. Пакаранне (ссылку) адбываў на Калыме, потым на вольным пасяленні жыў у Іркуцкай і Карагандзінскай абласцях, працаваў урачом. Там пазнаёміўся з Хельгай Карлаўнай Мянніксаад, якая стала яго жонкай. У 1953 годзе ў іх нарадзіўся сын Юрый.
 

У лютым 1958 захварэў на атрафічны цыроз печані (атрымаў І групу інваліднасці), пераехаў жыць у Ленінград (жыў па адрасе вул.Мойка, д.81, кв.11), дзе 9 красавіка 1959 года памёр.
 

Толькі 10 гадоў выступаў М.Аляхновіч як крытык. За гэты час напісаў шэраг артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А.Аляксандровіча, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Я.Коласа, Р.Мурашкі, П.Труса, Я.Скрыгана, А.Пушкіна, М.Горкага і іншых.

 P.S. Рыхтуючы гэты матэрыял да друку, давялося папрацаваць у фондах літаратурнага аб’яднанага музея і Дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, знайсці шмат цікавых звестак аб жыцці і творчасці земляка, якія і скарыстаны тут. Яшчэ адзначым, што ўдалося даведацца пра адрасы пражывання М.Аляхновіча ў Барысаве (вул. Андрэеўская, д.24; вул. Розы Люксембург, д.2а, кв.3), пабачыць фатаграфіі, на якіх наш славуты зямляк зняты ў вельмі пашаноўным суседстве з выдатнейшымі людзьмі нашай Бацькаўшчыны, і шмат другіх дакументаў (думаю, цікавых многім барысаўцам). 
 Адна праблема: каб яны сталі вядомы шырокаму колу чытачоў, трэба сродкі. Таму рэдакцыя “Гоману Барысаўшчыны” звяртаецца да нябедных землякоў: зрабіце святую справу, дапамажыце.

 Іван Белы

автор: кекс | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №4(109) за 2008 год | Печать