Статьи

01.11.09 Печ пякарні Барысаўскай

Ёсць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адзін вельмі цікавы дакумент – чарцёж за подпісам Багуслава Радзівіла, канюшага Вялікага княства Літоўскага, датаваны сярэдзінай ХVII стагоддзя. І гэты дакумент мае самае прамое дачыненне да горада Барысава, з’яўляючыся часцінкай яго культуры і гісторыі.

Дакумент уяўляе сабой вельмі прафесійна выкананы чарцёж кампазіцыйна складанага збудавання ў дзвюх праекцыях, з надпісам на беларускай мове лацінкай “Печ пякарні Барысаўскай” і шкалой маштабу ў літоўскіх локцях – мясцовай метрычнай сістэме таго часу. Па сутнасці, гэта цэлы агрэгат многафункцыянальнага прызначэння, які ўключае ў сябе шырокі нізкі прыпечак, на ім печ, “зробленую хлеб печы”, з магутным выцяжным корабам. Паўкруглыя топачныя вусці печы і прыпечка размешчаны ў два ярусы. Справа, над прыпечкам знаходзіцца “печ з кафляй” даволі значных памераў, якая функцыянальна і па-мастацку ўзбагачае кампазіцыю збудавання. Яна мае сваё топачнае вусце, але спалучаецца з агульнай выцяжкай. Аўтар скрупулёзна перадае тэхнічныя і архітэктурныя дэталі: прафілёўку гарызантальных цяг, раскладку кафляў, “карону” кафельнай печы. Аднак цяжка вызначыць, з’яўляецца гэты чарцёж аўтарскім праектам ці дакладнымі абмерамі ўжо існуючага збудавання. І хто, урэшце, з’яўляецца аўтарам праекта: ці сам Багуслаў, ці не?

Безумоўна, Багуслаў Радзівіл мог мець самае непасрэднае дачыненне да гэтага чарцяжа. У 1649 кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір прызначыў гетмана польнага Вялікага княства Літоўскага Януша Радзівіла, які быў стрыечным братам Багуслава, барысаўскім старастам. Прамым абавязкам старасты было кіраўніцтва гаспадарчым жыццём населенага пункта, які ён узначальвае. Неабходнасць пякарні ў буйным горадзе відавочная, тым больш, што ў гэты перыяд Рэч Паспалітая вяла вайну з казакамі Багдана Хмяльніцкага, і трэба было карміць армію. Януш Радзівіл, верагодна, мог прыцягнуць для складання праекту пякарні дасведчанага віленскага архітэктара і пакінуць потым праект у сябе. Пасля смерці Януша ў 1655 годзе Багуслав Радзівіл як наследнік і апякун яго малалетняй дачкі Ганны Марыі сабраў усю маёмасць стрыечнага брата, у тым ліку грошы і дакументы, і перавёз у сваю рэзідэнцыю. У далейшым Ганна Марыя стала жонкай князя Багуслава. Усе дакументы, якія захоўваліся ў сямейным архіве Радзівілаў, былі памечаны подпісам альбо пячаткай іх уладальніка. Так подпіс Багуслава Радзівіла мог аказацца на чарцяжы печы для Барысаўскай пякарні.

Галіна Аніскевіч,
малодшы навуковы супрацоўнік Жодзінскага краязнаўчага музея

 

автор: | источник: Гоман Барысаўшчыны” №6-8(123-125) за 2009 год | Печать