История

27.03.08 Старабарысаў: невядомае пра вядомае

Старабарысаў – пасяленне, якое вядома нам сваёй старажытнасцю. У 1102 годзе тут быў заснаваны Барысаў. Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя на гэтым месцы паўстаў цэнтр велізарнага землеўладання. Прозвішчы яго гаспадароў гавораць самі за сябе. Спачатку гэта былі Радзівілы, потым Раманавы. Пра гісторыю тутэйшых палацаў, якія будавалі як першыя, так і другія яго ўладальнікі, трэба казаць асобна. Варты асобнай увагі парк, які быў тут раней.

У маёнтку ў Старабарысаве было шмат гаспадарчых пабудоў, якія самі па сабе таксама цікавыя. Яны, як і ўвесь былы палаца-паркавы комплекс, былі зроблены з размахам. Асобныя з іх бачны на здымку пачатку ХХ стагоддзя, які прыведзены зверху (фота з фондаў нацыянальнага музея Беларусі). На здымку справа, які зроблены прыблізна на 100 год пазней за верхні, бачна тое самае месца зараз (здымак зроблены ў жніўні 2004 года).

Частка з будынкаў маёнтка Радзівілаў-Раманавых захавалася да нашага часу. Аднак большасць з іх была знішчана ў апошнюю вайну. Тым не менш і тое, што захавалася, пасля больш грунтоўнага знаёмства з імі, прымушае зусім па іншаму ўспрымаць тое, што было ўтворана ў Старабарысаве на працягу канца ХVІІІ – пачатку ХХ стагоддзя.
  

На першы погляд сцверджанне, што ў Старабарысаве можа быць нешта невядомым, можа здацца дзіўным. Гэта пасяленне знаходзіцца амаль што на ўскрайку горада. Яго нельга назваць забытым і недаследаваным тутэйшымі краязнаўцамі. Тым не менш, Старабарысаў хавае ў сябе яшчэ шмат сюрпрызаў.
  

Тым, хто цікавіцца нашай мінуўшчынай, у Старабарысаве вядомы гарадзішча, дзе ў 1102 годзе быў заснаваны Барысаў, сядзібны дом на ім канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У меншай меры вядомы рэшткі былога палаца Радзівілаў (пазней – дома ўпраўляючага) канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзя, склеп напалеонаўскага доміка, старая ліпавая алея. Але ўсё гэта – толькі малая частка таго, што існавала ў Старабарысаве на пачатку ХХ стагоддзя, нават не ўсё, што захавалася да нашага часу.

На пачатку ХХ стагоддзя Старабарысаў уяўляў сабой цэлы комплекс пераважна цагляных адна і двухпавярховых будынкаў (пра гісторыю Старабарысава наша газета пісала ў №2(11) за 2000 год). Па словах старажылаў, праваслаўная бажніца ў маёнтку была не толькі пры так званым напалеонаўскім доміку. Недалёка ад дома ўпраўляючага стаяла невялічкая мураваная царква. У савецкія часы яна была зачынена. Узарвалі бажніцу, які і іншыя старыя будынкі, што не захаваліся да нашага часу ў Старабарысаве, немцы ў апошнюю вайну перад сваім адступленнем.

Недалёка ад царквы і напалеонаўскага доміка былі велізарныя драўляныя канюшні. На замчышчы старажытнага Барысава быў не адзін (як зараз), а два двухпавярховых будынкі. На месцы другога зараз стаяць жылыя драўляныя дамы. Ад замчышча ў бок гаспадарчых будынкаў быў перакідны мосцік. Саміх жа гаспадарчых будынкаў за возерам было некалькі (гл. стары здымак на першай старонцы). Адзіны з іх, які захаваўся да нашага часу, на першы погляд не ўяўляе нічога асаблівага. Але калі пазнаёміцца з ім больш уважліва, то ён уражвае.

Гэты будынак двухузроўневы. Яго ніжні паверх амаль цалкам знаходзіцца пад зямлёй. Тут да нашага часу захаваліся вялікія катакомбы з каменнымі сценамі і зводчатымі цаглянымі перакрыццямі. Раней сюды можна было заехаць прама на конях.

Варта асобай увагі абсталяванне млына, якое знаходзіцца ў гэтым жа будынку. Прычым у часы Раманавых яго тут не было. Першапачаткова абсталяванне размяшчалася ў млыне, што знаходзіўся ў вёсцы Малое Стахава. Ён быў паравы, меў драўляны будынак. У вайну млын у Малым Стахаве быў спалены немцамі. Пасля вызвалення яго абсталяванне было вырашана перавесці ў Старабарысаў. Тут яно было зманціравана і працягнула сваю працу. Але дзейнічала яно ўжо не на паравым прыводзе, а электрычным. У 60-х гадах ХХ стагоддзя млын згубіў сваё гаспадарчае значэнне і перастаў эксплуатавацца. Яго абсталяванне не было дэманціравана і захавалася да нашага часу.

Сённяшні Старабарысаў вельмі значна адрозніваецца ад таго, які ён быў сто год таму. І справа не толькі ў названых вышэй не існуючых зараз старых будынках. Раней тут быў цікавы парк, на схілах ля возера было шмат крыніц. Апошнія зніклі пасля правядзення меліярацыі.

Старабарысаў – вельмі цікавае ў гістарычным плане месца. Яно патрабуе да сябе і сваёй гістарычнай спадчыны большай увагі. Па магчымасці найбольш поўнае яго аднаўленне магло б зрабіць гэта пасяленне вельмі прывабным месцам для турызму. Гэта важна і для жыхароў Барысаўчыны для ўсведамлення гонару і годнасці за свой край.

автор: кекс | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №2(107) за 2008 год | Печать