История

21.05.08 Былая Памежная вуліца

Вуліца Стаханаўская ў Барысаве знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Але калі спытаць у барысаўцаў, дзе яна, то далёка не кожны зможа адказаць на гэта пытанне.

Стаханаўская вуліца пачала фарміравацца на мяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў. Яе планіроўка сфарміравалася не пазней пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў па яе заходняй частцы праходзіла мяжа горада. Відаць, ад мяжы горада і паходзіць яе першапачатковая назва – Памежная вуліца. Распачыналася яна ад вуліцы, якая зараз носіць назву 1-а Ліпеня і сканчвалася там, дзе зараз знаходзіцца скрыжаванне вуліц Гагарына і Арджанікідзе.

У сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя вуліца Памежная пераймяноўваецца ў Стаханаўскую. Такая яе назва захавалася да нашага часу.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля сфарміравання вуліцы яе пачалі “рэзаць”. Спачатку яна была перакрыта ва ўсходнім накірунку забудовай ля праспекта Рэвалюцыі. З заходняга боку ад праспекта да вуліцы, якая зараз носіць імя Тоўсцікава, яна была скарэктавана пры пашырэнні шклозавода. Пазней, пры пабудове сучаснага будынка школы №8, вуліца была яшчэ раз “разрэзана”. Нарэшце пры пабудове дома №67 па вуліцы Гагарына (так званай “В’ятнамскай сцяны”) яе заканчэнне было знішчана. Зараз, каб на машыне трапіць з адной былой часткі вуліцы ў іншую, трэба “наматваць” адлегласць, якая значна перавышае даўжыню першапачатковай вуліцы.

Такім чынам, трошкі больш за сто год існавання, вуліца Памежная сфарміравалася на ўскрайку горада, апынулася ў яго адміністрацыйным цэнтры, была фактычна “разрэзана” на тры не звязаныя паміж сабою вуліцы і наогул зменена да непазнавальнасці. Адзінае, што ў яе захоўваецца па наш час, то гэта адзіная назва, хай сабе і не першапачатковая.

Найбольш старым будынкам па вуліцы Стаханаўскай (тымі, якія былі пабудаваны да 1920 года) з’яўляюцца наступныя.

Дом №22. Жылы драўляны аднапавярховы будынак. Падмурак бутавы, атынкаваны. Пабудаваны ў 1918 годзе.

Дом №41. Жылы драўляны аднапавярховы будынак. Абшыты дошкамі. Падмурак бутавы. Пабудаваны ў 1920 годзе.

Дом №56. Жылы драўляны аднапавярховы будынак. Падмурак бутавы. Пабудаваны ў 1890 годзе. Зараз значна перабудаваны.

Дом №58. Жылы драўляны аднапавярховы будынак. Абшыты дошкамі. Падмурак бутавы. Пабудаваны ў 1907 годзе, пазней падвяргаўся рэканструкцыі.

Сярод астатніх найбольш старымі з’яўляюцца наступныя будынкі (тыя, якія былі ўзведзены да 1950 года): дом №3 – пабудаваны ў 1929 годзе, дом №6 – пабудаваны ў 1932 годзе, дом №12 – пабудаваны ў 1925 годзе, дом №15 – пабудаваны ў 1924 годзе, дом №20 – пабудаваны ў 1929 годзе, дом №27 – пабудаваны ў 1927 годзе, дом №31 – пабудаваны ў 1925 годзе, дом №33 – пабудаваны ў 1926 годзе, дом №40 – пабудаваны ў 1928 годзе, дом №42 – пабудаваны ў 1941 годзе, дом №50 – пабудаваны ў 1927 годзе.

Варта таксама асобна адзначыць дом №13. Год яго пабудовы невядомы, але было гэта значна раней за 1956 год. Калі ўлічыць, што найбольш старая з яго гаспадарчых пабудоў (хлеў) была ўзведзена ў 1910 годзе, то можна выказаць меркаванне, што дом №13, хутчэй за ўсё, з’яўляецца адным з найбольш старых збудаванняў вуліцы Стаханаўскай.
 Міхась Мацельскі

автор: кекс | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №5(110) за 2008 год | Печать