История

28.05.08 Курганы каля вёскі Малое Стахава

У ціхім і падаленным ад вёскі месцы на парослым лесам беразе ракі Беразіна знаходзяцца магілы продкаў. Побач з старажытнымі курганамі знайшлі сабе прытулак і вясковыя могілкі. На працягу стагоддзяў гэты бераг стаў сапраўдным “царствам памерлых”, дзе душы продкаў захоўваюць таямніцы мінулага.

Курганы знаходзяцца ва ўрочышчы “Стараселле” прыкладна за 3-4 км. на паўднёвы-захад ад вёскі Малое Стахава на левым беразе ракі Беразіна. Назва ўрочышча паходзіць ад таго, што там раней было паселішча, якое, нажаль, знікла з твару Барысаўскай зямлі. Кажуць, што ў спякотны летні час, калі спадае ўзровень Беразіны, можна ўбачыць на дне ракі рэшткі “фундаментаў” з валуноў, якія падтрымлівалі палі былога маста. Больш таго, археолагі высвятлілі, што курганы насыпаны на месцы былога паселішча Жалезнага веку, магчыма, Банцараўскай культуры.

На беразе Беразіны ў “Стараселлі” знаходзяцца некалькі курганных груп, якія былі насыпаныя ў розныя часы. Першыя пахаванні з’явіліся ў Жалезным веку. Ад гэтых часоў захаваліся дзве курганныя групы. Першая складалася з 46 насыпаў, а другая, у лесе, - з 17 насыпаў. У першай групе ў жніўні 1931 г. вядомы беларускі археолаг А. М. Ляўданскі даследаваў тры курганы. У вяршыні аднаго кургана знойдзены перапаленыя косці, рэшткі трупаспалення, таксама знайшлі кераміку VIII-ІХ стст., а гэта ўжо пераходны час да сярэднявечча. Гэтая кераміка аднолькавая з сасудамі з курганнай групы Аздзяцічы.

Тады ж і высвятлілі, што там было селішча Жалезнага веку, знайшлі ляпную кераміку V-VIII стст. Таксама Ляўданскі знайшоў ляпную гладкасценную і з расчосамі кераміку позняга этапа зарубінецкай культуры. У трох даследаваных ім курганах выяўлены трупаспаленні, зробленыя ў насыпе і на матэрыку. Там знаходзіліся рэшткі бронзавых рэчаў, паставыя бусіны і ляпная кераміка.

Ад часоў сярэднявечча захаваліся чатыры курганныя групы.  Яшчэ А. М. Ляўданскі знайшоў рэчы эпохі сярэднявечча: перапаленыя косці, рэшткі перапаленых бронзавых упрыгожанняў, шкляныя пацеркі і ляпны посуд пераходнага часу. У 1971 г. Г. Штыхаў даследаваў адзін курган, у якім пахаванне не выяўлена. У насыпе знойдзена ляпная і ганчарная кераміка, кавалак глінянай патэльні. Вельмі цяжка прасачыць межы розных курганных груп, адны і тыя ж курганы могуць адносіцца да розных груп адначасова. Курганная група ІХ-ХІІ стст. складаецца прыкладна з 40 курганаў вышынёй 0,5-2,5 м, дыяметрам 4-10 м. У паўкіламетры ад яе знаходзіцца іншая група з 19 курганаў вышынёй 0,5-1,5 м, дыяметрам 4-7 м.

У пачатку XX ст. непадалёк быў маёнтак Стахоўшчына. У 1915 г. Ю. В. Шавельскі раскапаў 6 курганоў. У іх знойдзены нажы, бранзалеты вітыя трохправалочныя, бусы шкляныя сінія рабрыстыя і круглыя янтарныя, грыўні шэйныя вітыя, бранзалеты літыя, ланцужок, бронзавыя бубенчыкі.

Як бачна, курганныя пахаванні захаваліся з Жалезнага веку і ранняга сярэднявечча. Мясцовыя жыхары ў сваіх паданнях сцвярджаюць, што ў гэтых курганах пахаваны казакі (загінуўшыя у часы Казацка-сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага XVII ст.), альбо шведы (з часоў Паўночнай вайны 1700-1721 гг.). Аднак гэта толькі паданні, з цягам часу разбуральныя падзеі зацямнілі ўспаміны аб старажытных пахаваннях. Быццам бы жадаючы быць побач з продкамі, людзі з навакольных вёсак на тэрыторыі курганаў сталі хаваць сваіх памерлых. Вясковыя могілкі разам з курганамі дагэтуль маўкліва стаяць у лесе на беразе Бярэзіны. Як не сумна, але і да гэтага ціхага кутка дайшлі рукі варвараў. Пры пракладцы грунтавай дарогі была знішчана частка курганаў; частка знікла з-за таго, што нехта ў пошуках скарбаў знішчыў пахаванні, нават скралі жалезную шыльду з напамінам аб старажытных магілах. Наўрад ці нашы продкі заслужылі такую “падзяку”. Мы павінны захаваць магілы продкаў і шанаваць іх – гэта справа гонару і сумлення.

 

 

Літаратура:

1. Митрофанов А. Г. Железный век средней Белоруссии. Мн., 1978.

2. Штыхаў Г. В. Крывічы. Мн, 1990.

Скварчэўскі Дзмітрый ©

 30 красавіка 2008 г.

автор: demetr | источник: Borisovcity.net | Печать