История

01.11.09 Дом з багатай біяграфіяй

Дом, як і чалавек, мае сваю біяграфію. Гэта былы будынак клуба імя імя Горкага (перад тым – клуб хімікаў, клуб запалкавай фабрыкі, пасля – гарадскі Дом культуры імя Горкага, а з адкрыццём новага гарадскога Палаца культуры – Дом культуры фабрыкі піяніна). Сёння ў яго непрывабны выгляд: вокны пазабіваны, на дзвярах замок.

Даваенныя гурткі

А ў 30-40г.г. мінулага стагоддзя клуб быў своеасаблівым культурным цэнтрам г.Барысава. У клубе працавалі шматлікія гурткі – музыкальны, танцавальны, харавыя, драматычны, спартыўныя секцыі. Быў духавы аркестр.

У 30-х гадах у музычным гуртку ігры на раялі навучаліся дзеці. Кіравала гуртком выпускніца Пецярбургскай кансерваторыі Ганна Майсееўна Нісхізава. З адкрыццём музычнай школы ў 1938 годзе ўсе удзельнікі гуртка і педагог перайшлі ў школу, а Ганна Майсееўна стала яе першым завучам. У 1941 годзе яна была расстраляная ў гета фашыстамі.

Дзіцячым харавым і двума танцавальнымі (дарослым і дзіцячым) гурткамі кіравала маладая, таленавітая Фіра Розэнблюм, якая выдатна валодала фартэп’яна. У рэпертуары дзіцячага хора былі песні савецкіх кампазітараў. Асабліва папулярнай была песня Дунаеўскага “А ну-ка песню нам пропой, весёлый ветер” з кінафільма “Дзеці капітана Гранта”. Вялікім поспехам карысталіся і танцы, якія выконваліся ўдзельнікамі дзіцячага танцавальнага гуртка. Гэта “Венгерскі танец”, “Тарантэла”, “Яблычак”. Але асабліва яркай была балетная сцэна “Лясная казка”, якая была адзначана на аглядзе ў Менску.

Фіра Розэнблюм была таленавітым харэографам. Вытанчаная, пластычная, яна сама была ўвасабленнем музы танца. У 1941 г. Ф.Розэнблюм цудам удалося ўратавацца ад расстрэлу ў гета, а ў 1951г. яна (Ірына Наумаўна Годэс) прыйшла ў адноўленую музычную школу ў якасці педагога па фартэпіяна і прапрацавала там да пенсіі (1973г.).

Харавым гуртком дарослых кіраваў Васіль Іванавіч Кучко. У хоры спявалі рабочыя запалкавай фабрыкі, служачыя, ІТР і іх жонкі. Былі і свае салісты. Рэпертуар хору складаўся з беларускіх, украінскіх песень, песень савецкіх кампазітараў, а таксама з хароў рускай і заходняй опернай класікі. У студзені 1937г., калі адзначалася 100-годдзе са дня гібелі А.Пушкіна, у канцэрце хор выканаў песню “Вязень” і хары з оперы “Яўгеній Анегін”. Там жа прагучалі два дуэты з “Пікавай дамы”. Паведамленне пра гэта мы знаходзім у газеце “Большэвік Барысаўшчыны” ад 14.02.1937.  Пра высокі прафесійны ўзровень харавога калектыву сведчыць і той факт, што хор быў запрошаны для ўдзелу ў спектаклі Біль-Белацаркоўскага “Шторм”, які паказваў на гастролях у 1938г. рэспубліканскі Карэльскі драмтэатр.

Усе удзельнікі гурткоў актыўна ўдзельнічалі ў святочных прадстаўленнях, што праходзілі ў клубе. А святаў было шмат: лістападаўскія і першамайскія, 8 сакавіка і асабліва сустрэча Новага года. Першая ёлка на Новы 1937г. была адзначана дзіцячым ранішнікам і бал-маскарадам для дарослых. Да дзяцей, удзельнікаў канцэртаў, ставіліся асабліва ўважліва, узнагароджваючы іх падарункамі.

Тэатр

Са сцэнай клуба звязаны першыя спектаклі калгасна-саўгаснага тэатра, які быў адкрыты ў Барысаве ў 1935г. Шэфства над ім узяў І-ы Беларускі тэатр. Яшчэ ў 1934г. з Менска ў Барысаў прыехалі рэжысёр Данілаў і акцёр Крыловіч. Яны адабралі групу найбольш здольных акцёраў з тэатра рабочай моладзі, папоўнілі яе таленавітымі хлопцамі і дзяўчатамі з мастацкай самадзейнасці (Кунцэвіч, Яфрэменка, Ісаева і інш.) і накіравалі іх на вучобу ў І-ы Беларускі тэатр. Там яны вучыліся і працавалі на сцэне. На наступны год вярнуліся ў Барысаў і склалі першую пастаянную трупу тэатра. Галоўнай задачай калектыву было абслугоўванне сельскага гледача. Восенню 1935г. тэатр узначаліў П.Данілаў. Ім былі пастаўлены спектаклі: “Праўда добра, а шчасце лепш” Астроўскага, “Слава” Гусева, “Памежнікі” Біль-Белацаркоўскага, “Гонар” Мдзівані. Але асаблівай папулярнасцю карысталася п’еса К.Крапівы “Партызаны”. Пастаноўка яе заняла першае месца на рэспубліканскім фестывалі і на Усесаюзным аглядзе калгасных тэатраў у Маскве. Была адзначана выдатная ігра акцёраў Кунцэвіча, Яфрэменкі, Шыхаўца. Пра гэта пісала газета “Советская Белоруссия” ад 03.07.1939. Пасля трох гадоў работы ў Барысаве калгасна-саўгасны тэатр атрымаў новую базу ў Заслаўлі, пазней – у Пінску.
Да 1939 года адносіцца творчы росквіт драмгуртка клуба. Вялікую ролю ў станаўленні драматычнага калектыву адыграла пастаноўка п’есы Ф.Вольфа “Прафесар Мамлок” – вельмі сучаснай (антыфашысцкай) па зместу. Паставіў п’есу М.Янкоўскі, ён жа выканаў галоўную ролю. Тры месяцы драматычны калектыў натхнёна працаваў над гэтым спектаклем. У газеце “Большэвіцкая трыбуна” ад 05.04.1939 быў апублікаваны артыкул пра яго, дзе былі адзначаны станоўчыя і слабыя яго бакі, удачы акцёраў і выдатная работа мастака Мікуліча па афармленню спектакля.

Пасля калектыў драмгуртка ажыццявіў яшчэ шэраг пастановак: “Беднасць – не загана” Астроўскага, “Анютины глазки”, “Таямніца Глеба Ганчарова”. Ва ўсіх гэтых п’есах у галоўных ролях выступала маладая, таленавітая Софья Грыбоўская. У суровым 41-м яна, як і яе сястра Міхаліна, уступіла ў партызанскі атрад, каб са зброяй у руках бараніць сваю Радзіму.

Летнія тэатральныя сезоны

Асаблівай любоўю барысаўцаў карысталіся летнія тэатральныя сезоны, пачынаючы з 1937г. у Барысаў сталі прыязджаць на месячныя гастролі тэатры з Расіі і Менска. Гасцініц у Барысаве не было, таму адміністрацыя, артысты і абслугоўваючы персанал сяліліся ў прыватных дамах. Барысаўцы з радасцю іх прымалі. Двойчы, у 1937г. і 1939г., на месяц прыязджаў Маскоўскі прафсаюзны тэатр (рэж. Б.І.Курэпін, маст.кір. М.М.Яншын). Яны прывозілі спектаклі “Гувернантка”, “Галіна”, “Чужое дзіця”, “Забаўны выпадак” Гальдоні, “Бедная нявеста” Астроўскага.

У 1937 годзе паказаў свой спектакль “Каламбіна” тэатр ліліпутаў, а драмтэатр рабочай моладзі БССР – спектакль “Арыстакраты”, які абмяркоўваўся потым на старонках газеты “Большэвік Барысаўшчыны” ад 16.03.1937. У 1939 годзе з п’есай “Наша зброя” прыязджаў Беларускі драмтэатр на чале з Е.А.Міровічам.

Трэба меркаваць, што мясцовыя газеты “Большэвік Барысаўшчыны”, а затым “Большэвіцкая трыбуна” актыўна асвятлялі гастролі тэатраў. Асабліва пашанцавала ў гэтым Карэльскаму і Смаленскаму драмтэатрам.

Карэльскі рэспубліканскі тэатр рускай драмы гастраляваў у Барысаве з 4 чэрвеня па 6 ліпеня 1938г. Тэатр прывёз 9 п’ес. Дырэктар тэатра Неміроўскі ў артыкуле, апублікаваным 1 чэрвеня ў газеце “Большэвік Барысаўшчыны”, адзначае: “Усе спектаклі аформлены лепшымі мастакамі Ленінграда. Для зручнасці пастановак сцэна клуба ім.Горкага перабудоўваецца так, каб магла круціцца, акрамя таго, электрычная частка сцэны пераўладкоўваецца прывезенай з сабой апаратурай. Плануецца паказаць кожны спектакль 2-3 разы, а таксама правесці канферэнцыю гледачоў для лепшага кантакту з імі. Артысты спадзяюцца, што барысаўскія гледачы дадуць дастойную адзнаку спектаклям, і гэта дапаможа ўстанавіць яшчэ больш шчыльную сувязь між братэрскімі народамі.”

6 ліпеня ў газеце “Большэвіцкая трыбуна” адзначалася, што на спектаклях Карэльскага драмтэатра пабывала 30 тыс. гледачоў. Асаблівай папулярнасцю карысталася п’еса “Очная ставка”. Акрамя клуба імя Горкага спектаклі прайшлі ў Доме Чырвонай Арміі (Лядзішча) і вайсковых падраздзяленнях. Артысты вельмі высока ацанілі барысаўскіх гледачоў. “Неабходна пажадаць, каб у далейшым такі чулы тэатральны глядач не застаўся без сістэматычнага абслугоўвання яго тэатральнай прадукцыяй самай высокай якасці.” (Чаплыгін, засл.арт.рэсп.).

Смаленскі абласны драмтэатр гастраляваў у Барысаве з 24 траўня па 26 ліпеня 1939г.
18 траўня 1939г. у газеце “Большэвіцкая трыбуна” з’явіўся артыкул-анонс “Да гастроляў Смаленскага драмтэатра”. У артыкуле паведамлялася пра прыбыццё тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра В.Горына. Калектыў складаўся з 70 чалавек: артысты, бутафоры, мастакі, машыністы сцэны. Адкрываюцца гастролі п’есай “Юнацтва”.

З двух другіх артыкулаў у той жа газеце ад 9 чэрвеня і 20 чэрвеня, можна даведацца, што ў рэпертуары тэатра ёсць п’еса “Дурная для іншых, разумная для сябе”, пастаўленая да 300-годдзя са дня смерці іспанскага драматурга Лопэ дэ Вегі, а таксама пазнаёміцца з поўным разборам спектакля. Тэатр паказаў таксама п’есы Арбузава, Катаева, спектакль для дзяцей “Снежная каралева” з музыкай Грыга.

Яшчэ шмат чаго...

Клуб ім.Горкага меў свой кінатэатр. У 19  і  21 гадзіну дэманстраваліся фільмы. Тут барысаўцы пазнаёміліся з фільмамі“Чапаеў”, “Аляксандр Неўскі”, “Петр І”, дакументальнымі стужкамі “Калі заўтра вайна”, “Іспанія” Р.Кармена, камедыямі Аляксандрава, Пыр’ева, Чапліна.

Сцены клуба памятаюць і пра палітычныя падзеі: выбары ў Вярхоўны Савет 12.12.1937 па новай Канстытуцыі, калі ў Савет Саюза быў абраны ваенкам Бялоў, а ў Савет Нацыянальнасцяў – працаўніца запалкавай фабрыкі Каця Журанкова.

На другім паверсе клуба знаходзілася бібліятэка, дзе наведвальнікаў сустракала заўсёды вельмі добразычлівая Соф’я Давыдаўна Гінзбург. У бібліятэцы быў вялікі выбар айчыннай і замежнай класікі, кніг беларускіх аўтараў. Многія творы замежнай літаратуры былі перакладзены на беларускую мову (напрыклад, творы Ж.Верна, В.Гюго і інш.).

Вайна

У гады акупацыі сцены клуба былі спаганены, немцы зрабілі тут салдацкі дом для прыязджаючых з фронту ваеннаслужачых.

Адраджэнне традыцый

Пасля вайны клуб быў адрамантаваны і працягваў весці сваю службу – прымаць гасцей і гастралёраў. У 60-х клуб прымаў удзельнікаў еўрапейскага паходу “За мір”. У 1964 тут выступаў Юры Левітан. У 1966 па музыкальнаму абанементу можна было паслухаць лаўрэатаў міжнародных конкурсаў В.Жука (скрыпка), В.Чарвова (віяланчэль), А.Бяляева (баян), кампазітараў Фляркоўскага, Фрадкіна, Эстонскі мужчынскі хор. У 1968г. спявала Клаўдзія Шульжэнка, у 1973г. – народны артыст СССР Я.Серкябаеў. У тыя ж 60-70г.г. у нас пабывалі Ленінградскі дыксіленд, артысты чэшскай, узбекскай, калініградскай эстрады, Ніна Панцялеева, салісты Кіргізскага опернага тэатра. Навуковыя супрацоўнікі Эрмітажа прачыталі цыкл лекцый аб выяўленчым мастацтве з дэманстрацыяй слайдаў.

Разам з канцэртамі прыезджых артыстаў у клубе кіпела сваё творчае жыццё.

Працаваў харавы гурток пад кіраваннем Ул.Хрэнава. У рэпертуары хору былі народныя песні і песні савецкіх кампазітараў. У 50-я гады ў хоры спявала Марыя Адамейка (у будучым Заслужаная артыстка БССР), якая ў 1952г. была прынята ў Беларускі акадэмічны народны хор БССР пад кіраўніцтвам Цітовіча.

Быў у клубе і аркестр народных інструментаў, якім кіраваў Барадзін.

Асаблівае месца займаў Народны драматычны тэатр, які аднавіў сваю працу ў 1949г пад кіраўніцтвам М.В.Ілічова, а з 1953 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў Ф.М.Міхайлаў. Калектывам тэатра было пастаўлена шмат спектакляў, найбольш значнымі з якіх былі “Машэка”, “Глыбокая плынь”, “Жывы труп”, “Барабаншчыца”, “Дрэвы паміраюць стоячы”, “Васа Жалязнова”, “Вучань д’ябла”. У 60-я г.г. са спектаклем “Глыбокая плынь” па раману Шамякіна тэатр ездзіў на агляд у Маскву.

Зал і сцэну клуба часта выкарыстоўвала да пабудовы новага будынка музычная школа (1951-1962г.г.). Па мінуламу тут адзначаліся ўсе святы – кастрычніцкія, майскія, Новы год, Дзень Перамогі.

Забыццё

У 70-я пасля пабудовы новага гарадскога Палаца культуры, усе функцыі клуба (на той час Дома культуры) імя Горкага перайшлі да яго.

Сёння будынак клуба знешне нагадвае параненага ў баях ветэрана, забытага ўсімі. Шкада. Бо ўсе гады ён старанна выконваў свой абавязак – служыў людзям. А людзі?
 Ірына Уладзімірава

автор: | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №4(121) за 2009 год | Печать