История

01.11.09 Былі такія помнікі...

Ці былі калі на Барысаўшчыне помнікі ў далёкія стагоддзі, невядома. Магчыма, што не. Найбольш старыя вядомыя звесткі пра мемарыяльныя знакі ў нашым краі па-за межамі горада можна аднесці да першай паловы ХІХ стагоддзя, пра помнікі – да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У горадзе ж першыя з вядомых помнікаў пачалі з’яўляцца толькі ў ХХ стагоддзі.

Помнікі савецкіх часоў насілі яскрава выражаны ідэалагічны падтэкст, за рэдкім выключэннем з’яўляліся масавымі “штампоўкамі”, якія практычна не мелі ніякай мастацкай каштоўнасці. Са зменай або карэкціроўкай ідэалогіі такія помнікі нярэдка вынішчаліся. Асобныя з іх з-за нізкай якасці выраблення з цягам часу самі па сабе пачыналі разбурацца. Такі лёс спасцігнуў Леніна ў скверы насупраць запалкавай фабрыкі, ля 12-й школы. Былога “галоўнага” ў Барысаве правадыра сусветнага пралетарыяту ля парка імя М.Горкага (пасля ўстаноўкі новага помніка на Цэнтральнай плошчы) было вырашана дэманціраваць і “выкарыстаць” у іншым месцы. Аднак да канца рэалізаваць гэты план так і не атрымалася.

Дарэчы, як адбываўся знос былога “галоўнага” гарадскога Леніна ля парка – асобная гісторыя, вартая ўвагі. Працы праводзіліся сіламі УМ-87. Усе, хто павінны былі ўдзельнічаць у гэтай далікатнай аперацыі, былі загадзя праінструктаваны парторгам. Усяго ў працах было задзейнічана каля дваццаці чалавек. Раён правядзення работ быў ачэплены міліцыяй. На месца “аперацыі” было дастаўлена два экскаватары, прыехаў кран (КРАЗ), грузавікі МАЗы. Для дэмантажу (разам з помнікам праводзіўся дэмантаж трыбун, ля якіх раней праводзіліся афіцыйныя гарадскія дэманстрацыі) быў дастаўлены і кампрэсар.

Вечарам аднаго з працоўных дзён недзе ў 22-23 гадзіны работы па дэмантажу помніка распачаліся... Ленін рассыпаўся ў той момант, калі яго ўкладвалі ў машыну. Як высветлілася, ён не меў арматуры і быў выкананы з гіпсу. Таму такія перагрузкі для помніка ў яго “ўзросце” аказаліся фатальнымі. Трыбуны ж былі зроблены з цэглы, прычым вельмі якасна. Таму іх дэмантаж ішоў з вялікай цяжкасцю.

Усе працы былі скончаны да чатырох гадзін раніцы. Тых, хто ўдзельнічаў у гэтай “аперацыі”, бясплатна пакармілі ў рэстаране “Бярэзіна”. За некалькі гадзін начной працы ім заплацілі як за поўны працоўны дзень.

На сённяшні час з былой барысаўскай “Ленініяны” захаваўся толькі помнік былога правадыра на Цэнтральнай плошчы і яго вялікі бюст ля Дома афіцэраў у Пячах.

Паслядоўнікам Леніна ў палітычным сэнсе і папярэднікам у плане вынішчэння яго помнікаў з’яўляецца Сталін. Не магу ўпэўнена сказаць колькі было яго помнікаў у Барысаве ў даваенны час, але ў пасляваенны – было не менш трох. Адзін з іх размяшчаўся на цэнтральнай клумбе парка імя Горкага. Яшчэ адзін Сталін “стаяў” там, дзе зараз знаходзіцца Цэнтральная плошча (прыблізна на месцы, дзе зараз знаходзіцца дом гандлю). Трэці Сталін стаяў па вуліцы Арджанікідзе (па левы бок на шляху ў бок Бярэзіны ля будтрэста).

Пасля асуджэння культу Сталіна яго помнікі былі знішчаны. Як гэта адбывалася зараз, пэўна, не зможа распавесці ніхто (хаця такія людзі павінны быць!). Аднак не гэта важна. Важна тое, што, нягледзячы на шматлікія размовы, у Барысаве на сённяшні час так і не ўшанаваны  бязвінныя ахвяры сталінскіх часоў. Цяжка знайсці ў горадзе сям’ю, якая б у тыя часы не згубіла хаця б каго са сваякоў. А хтосьці згубіў і ўсіх, ці амаль усіх. Наўрад ці хто змог бы выказаць хоць адзін аргумент, які б быў на карысць таго, што помнік ахвярам сталінізму ў нашым горадзе непатрэбны. Тым не менш помніка ў горадзе па сённяшні час няма. Чаму?
 Вінцэсь Стэфановіч

автор: | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №2(119) за 2009 год | Печать